Выставачны праект “АRT-РЭГІЁН 2” – гэта справаздачная выстава Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”.
Пасля працяглага перапынку Віцебская абласная арганізацыя Беларускага саюза мастакоў аднаўляе штогадовыя справаздачныя выставы сваіх удзельнікаў, мэтай якіх з’яўляецца творчы агляд і ўзаемадзеянне мастакоў з віцебскім гледачом праз творы мастацтва, выкананыя імі за апошні час, папулярызацыя прафесійнага мастацтва сярод моладзі і школьнікаў.
У прасторы выставачнай залы экспануюцца творы як рэалістычнага, так і абстрактнага, канцэптуальнага жывапісу і графікі, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія. Усяго каля 80 твораў больш за 30 аўтараў з Віцебска і Віцебскай вобласці. Большасць аўтараў – сябры БСМ. Сямёра з удзельнікаў выставы ў далейшым плануюць уступіць у грамадскае аб’яднанне мастакоў Беларусі і развіваць традыцыі віцебскай школы.
Мастакі, якія прадставілі на выставу свае работы, дэманструюць разнастайнасць творчых рашэнняў, аўтарскіх тэхнік і матэрыялаў, зварот да нацыянальных традыцый, культуры і гісторыі Беларусі. Многія работы лёгка пазнаць дзякуючы аўтарскаму стылю, які склаўся на працягу доўгай творчай дзейнасці. Выстава прадстаўлена творамі аўтараў розных пакаленняў.
Сёння абласная арганізацыя БСМ налічвае 84 мастака.
Выстава працуе ў выставачнай зале на Белабародава, 5 да 10 сакавіка ўключна.