29 верасня 2023 года а 17.00 гадзіне ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (вул. Марка Шагала, 5а) адбудзецца адкрыццё выставы мастацкай спадчыны Васіля Быкава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Творчасць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава (19.06.1924 – 22.06.2003) заўсёды прыцягвала ўвагу аматараў літаратуры. Але не шмат хто ведае, што вядомы беларускі літаратар спрабаваў свае творчыя сілы і ў выяўленчым мастацтве. Гэта асобная старонка творчай біяграфіі Васіля Быкава.
Будучы пісьменнік захапляўся маляваннем з дзяцінства. “Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — сведчыць Васіль Уладзіміравіч у мемуарнай кнізе “Доўгая дарога дадому”. — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых”. У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць вучобу. Пасля дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Мінск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкае вучылішча. Але ў выніку патрапіў у Гродна, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях.
Стаўшы выбітным пісьменнікам, Васіль Быкаў заўсёды знаходзіў час для алоўка, пэндзля і паперы. Такія мастацкія практыкаванні, якія Быкаў іранічна называў “мастацкі зуд”, былі яго пажыццёвым захапленнем. Аднак пры яго жыцці ведалі пра гэта бадай толькі родныя ды блізкія сябры.
Родныя з дзяцінства мясціны, успаміны пра вайну, жыццёвыя ўражанні, прыемныя і не вельмі прыемныя выпадкі з уласнага жыцця, самаіранічныя здзекі, працэс засваення аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах пад Мінскам – усё гэта “ахапіў” аловак Васіля Быкава. На выставе «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» будуць прадстаўлены менавіта такія работы. Кожная з іх па-мастацку дакладна і яскрава сведчыць пра жыццёвыя падзеі нашага славутага земляка.
Выстава будзе працаваць да 13 лістапада 2023 г.