У арт-прасторы «Талстога, 7» працуе персанальная выстава Вольгі Ганчаровай «Спыніцца», у экспазіцыю якой увайшлі каля 30 жывапісных і графічных работ, створаных за апошнія 16 год.
Вольга Ганчарова нарадзілася ў Віцебску ў 1984 годзе. У 2010 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Усё яе жыццё звязана з творчасцю.
Вольга з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх калектыўных і персанальных выстаў, у тым ліку і міжнародных. Неаднаразова выстаўлялася ў Віцебску. Яе работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі, Італіі.
На палотнах мастачкі – зачараванне вішнёвай раніцай, блакітным туманам, шэптам лісця і пахам чэрвеня. Тут пейзажы і партрэты, усімі любімыя кветкі, шматлікія пяшчотныя жаночыя вобразы…
“…Вобразы на маіх карцінах – гэта спосаб праяўлення самога жыцця, але жыцця непарыўна звязанага з навакольнай прыродай, тое, што можна адчуць, тая тонкая нітка з прыродай, якую мы яшчэ не страцілі.»