У музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча працуе персанальная выстава беларускага мастака Уладзіміра Хіна «Ad infinitum. Веліміру Хлебнікаву прысвячаецца».
Уладзімір Хін (Правідохін) – вядомы мастак-графік, чыя творчая спадчына займае асаблівую нішу ў беларускім мастацтве. Яго майстэрства разнапланава і ўключае ў сябе станковую і шрыфтавую графіку, жывапіс, абразную гравюру на дрэве, чорна-белыя і каляровыя лінагравюры. Мастак займаецца праблемай сінтэзу ў выяўленчым мастацтве: выява і слова, колер, гук, прастора і час, знак і знакавыя сістэмы.
Уладзімір Хін працуе серыямі графічных лістоў, прысвячаючы іх сусветна вядомым пісьменнікам, мыслярам, жывапісцам. На выставе будзе прадстаўлена 70 графічных твораў майстра, прысвечаных творчасці Веліміра Хлебнікава – аднаго з самых значных паэтаў дарэвалюцыйнай і паслярэвалюцыйнай Расіі. У 2025 годзе спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння гэтага найбуйнейшага дзеяча рускага авангарда.
Выстава будзе працаваць да 10 студзеня 2025 г.