УНОВІС – авангарднае мастацкае аб'яднанне, створанае Казімірам Малевічам у Віцебску у 1920 годзе.
Абрэвіятура УНОВІС расшыфроўваецца як "Сцвярджальнікі Новага Мастацтва".
Кваліфікаваць УНОВІС можна па-рознаму, кожная з назваў правільная: мастацкае аб'яднанне, партыя ў мастацтве, рух, арт-група, школа.
Гісторыя УНОВІСа фактычна пачалася ў Віцебску не ў 1920 годзе – з часу заснавання аб'яднання, а на два гады раней, калі Марк Шагал вырашыў стварыць у сваім родным горадзе мастацкае вучылішча.
У Віцебскім народным мастацкім вучылішчы, адкрытым у студзені 1919 года па ініцыятыве ўпаўнаважанага па справах мастацтва Віцебскай губерні Марка Шагала, працавалі мастакі розных напрамкаў. "Мары пра тое, каб дзеці гарадской беднаты, дзесьці па дамах любоўна пэцкаўшыя паперу, далучаліся да мастацтва, – ажыццяўляюцца... Мы можам сабе дазволіць раскошу "гуляць з агнём", і ў нашых сценах прадстаўлены і функцыянуюць свабодна кіраўніцтвы і майстэрні ўсіх напрамкаў, ад левага да правага ўключна", напісаў Марк Шагал у віцебскім штотыднёвіку "Школа і рэвалюцыя".
У 1919 годзе адным з выкладчыкаў вучылішча стаў вядомы мастак і філосаф Казімір Малевіч.
Казімір Малевіч распрацаваў новы напрамак у авангардным мастацтве – супрэматызм (ад лац. supremus – найвышэйшы). Малевіч лічыў супрэматызм найвышэйшым этапам трансфармацыі новага мастацтва.
У Віцебску Казімір Малевіч займаўся тэарэтычнай і філасофскай дзейнасцю.
Казімір Малевіч звязваў зрух у чалавечай свядомасці з вынаходствам "новых арганізмаў" – машын, якія пацягнулі за сабой сацыяльныя змены.
У студзені 1920 года ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы па ініцыятыве Казіміра Малевіча студэнтамі было створана першае творчае аб'яднанне МОЛПОСНОВІС – "Маладыя паслядоўнікі новага мастацтва".
Праз некалькі дзён да групы далучыліся выкладчыкі і калектыў перайменаваў сябе ў ПОСНОВІС – "Паслядоўнікі новага мастацтва".
6 лютага 1920 года ў віцебскім Латышскім клубе паслядоўнікі Казіміра Малевіча прадставілі футурыстычную оперу "Перамога над сонцам" і "Супрэматычны балет".
14 лютага 1920 года было створана аб'яднанне УНОВІС, якое абвясціла "звяржэнне старога свету мастацтваў".
Удзельнікі аб'яднання называлі сябе УНОВІС (з націскам на І)– як дзеяслоў са значэннем “абнавіся/унавісь”. У той жа час казаць УНОВІС (з націскам на О) не з'яўляецца памылкай. У гэтым выпадку акцэнт ставіцца на значэнні "новы".
Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці – адзінае ў краіне сховішча дакументаў па гісторыі групы УНОВІС. У архіве захоўваюцца статут УНОВІС, пячатка з квадратам і рахункі арт-аб'яднання з асабістым подпісам Казіміра Малевіча.
У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці сярод дакументаў аб дзейнасці вучылішча ўнікальным з'яўляецца дакумент-арыгінал – цыркуляр аб прызначэнні ў 1918 годзе Марка Шагала ўпаўнаважаным па справах мастацтваў Віцебскай губерні.
Адзіны вядомы экзэмпляр (арыгінал) статута творчага аб'яднання УНОВІС захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
У 1920 годзе ў Малевіча нарадзілася дачка, якую ён назваў Унай у гонар УНОВІСа.
Удзельнікамі віцебскага УНОВІСа былі Эль Лісіцкі, Давід Якерсон, Лазар Хідэкель, Ілля Чашнік, Мікалай Суецін, Леў Юдзін, Вера Ермалаева, Ніна Каган, Яўгенія Магарыл.
У аснову ідэалогіі УНОВІСа была пакладзена ідэя калектыўнай творчасці. На выставах працы мастакоў экспанаваліся ананімна, з адзіным подпісам "УНОВІС".
У 1920 годзе Малевіч выступіў у Смаленску з лекцыяй "Аб новым мастацтве" на канферэнцыі УНОВІСа.
Філіялы УНОВІСа былі адкрыты ў 1920 годзе ў Смаленску, Маскве, Пярмі, Саратаве і некаторых іншых гарадах.
УНОВІС ствараў не проста новае мастацтва – ён сцвярджаў новае мысленне. Гэта выяўлялася ў тым, як мастакі працавалі з формай, плоскасцю, як выходзілі ў аб'ём і, як вынік, у архітэктуру.
Малевіч і яго вучні імкнуліся вывесці мастацтва за межы мастацкай майстэрні – у гарадское асяроддзе.
У 1919–1920 гадах мастакам вучылішча было даручана аформіць Віцебск да рэвалюцыйных святаў і мітынгаў. Былі дэкарыраваны фасады будынкаў, параходы і трамваі, аформлены супрэматычныя шыльды, пашыты сцягі, распрацаваны плакаты і размаляваны трыбуны выступоўцаў.
Малевіч даваў вучням суцэльныя сістэмы ведаў, а не выкладаў асобныя дысцыпліны. У якасці заліковай працы вучні павінны былі пісаць не толькі карціны, але і філасофскія трактаты, у якіх яны асэнсоўвалі тыя з'явы, якія ім былі цікавыя.
У чэрвені 1920 года ў пяці экзэмплярах быў выдадзены альманах "УНОВИС № 1", у якім у друкаванай форме выкладзена пазіцыя творчага аб'яднання.
У чэрвені 1920 года ў аформленым па праекце Мікалая Суеціна супрэматычным вагоне студэнты адправіліся ў Маскву на Першую Усерасійскую канферэнцыю выкладчыкаў і навучэнцаў, дзе прадставілі сваю творчасць.
У кастрычніку 1920 года адбылася паездка невялікай групы на абласную канферэнцыю ў Смаленск.
У студзені 1921 года выйшла другое друкаванае выданне Віцебскага творчага камітэта (тваркама) "УНОВІС".
Маніфест УНОВІСа быў апублікаваны ў газеце "Весткі Віцебскай губернскай рады сялянскіх, працоўных, чырвонаармейскіх і батрацкіх дэпутатаў" ад 17 сакавіка 1920 года.
Эмблемай УНОВІСа стаў "Чорны супрэматычны квадрат" Казіміра Малевіча.
Да 1922 года УНОВІС налічвае каля 40 мастакоў.
Віцебскае народнае мастацкае вучылішча з 1919 па 1923 гады чатыры разы мяняла сваю назву.
У маі 1922 года адбыўся першы і адзіны выпуск. Дыпломы аб заканчэнні Віцебскага мастацка-практычнага інстытута атрымалі 11 чалавек.
У 1922 годзе Казімір Малевіч скончыў працу над сваёй галоўнай тэарэтыка-філасофскай работай – "Супрэматызм. Свет як беспрадметнасць, ці Вечны спакой".
Супрэматызм выяўляецца ў камбінацыях рознакаляровых плоскасцей найпростых геаметрычных абрысаў: у формах прамой лініі, квадрата, круга і прастакутніка.
Першапачаткова гэты тэрмін абазначаў перавагу колеру над усімі іншымі ўласцівасцямі жывапісу.
У 1922 годзе Малевіч заняўся распрацоўкай практычнага прымянення прасторавага супрэматызму. Фарфоравы "Чайнік з вечкам" Малевіч стварыў як спалучэнне розных геаметрычных фігур, якія дапаўняюць традыцыйны лаканічны цыліндр корпуса.
Перадавыя ідэі віцебскіх удзельнікаў УНОВІСа аказалі ўплыў на ўсё авангарднае мастацтва і пераўтварылі традыцыйную мастацкую мову.
У Віцебску Малевіч пачаў праектаваць архітэктоны. Гэта дамы для людзей, якія пакінуць Зямлю і паляцяць у космас. Менавіта гэтыя архітэктоны ляглі ў аснову архітэктуры Нью-Ёрка і сёння працягваюць рэалізоўвацца пры забудове Дубая, новых раёнаў Масквы і Астаны.
Ідэі Малевіча таксама паўплывалі на сучасную эстэтыку і актыўна выкарыстоўваюцца ў плакатным мастацтве.
Лазар Лісіцкі – выбітны прадстаўнік авангарда. Спрыяў выхаду супрэматызму ў архітэктуру.
У 1920 годзе Лазар Лісіцкі ўзяў псеўданім Эль Лісіцкі.
Адзін з самых вядомых плакатаў Эль Лісіцкага "Клінам чырвоным бі белых" створаны ў тэхніцы літаграфіі ў віцебскі перыяд мастака на замову Палітупраўлення Заходняга фронту. Надрукаваны ў 1920 годзе ў Смаленску.
Лазар Хідэкель – першы супрэматычны архітэктар-наватар. Ён ствараў праекты, якія апярэджвалі свой час. Хідэкель казаў: "Нас зразумеюць праз 100 гадоў".
14 лютага 2020 года да 100-годдзя стварэння УНОВІСа ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Нас зразумеюць праз 100 гад. Лазар Хідэкель", якая стала першай у Беларусі персанальнай выставай мастака і архітэктара. На выставе былі прадэманстраваны розныя перыяды яго творчасці – ад ранніх кампазіцый, выкананых 15-гадовым юнаком, да архітэктурных і футурыстычных праектаў канца 1920 – 1930-х гадоў.
У афішы выставы "Нас зразумеюць праз 100 гад" выкарыстана праца "Перасякальныя лініі". Створаная мастаком супрэматычная рашотка, ці добра вядомы ва ўсім свеце хэштэг, – элемент, які ў выніку творчага пошуку Хідэкель вывеў з "Чорнага квадрата" Малевіча.
У 1926 годзе Лазар Хідэкель прапанаваў праект клуба працоўных, які ўвайшоў у гісторыю як першы ў свеце супрэматычны архітэктурны будынак.
Лазар Хідэкель называў сябе "мастаком-архітэктарам", пазней дадаўшы мянушку "фантаст" як адсылку да адной з цэнтральных асаблівасцяў сваёй творчасці.
У архіве сям'і архітэктара Лазара Хідэкеля захоўваецца ўнікальны дакумент – спіс членаў УНОВІСа з 36 чалавек.
У 2013 годзе Таварыства Лазара Хідэкеля заснавала спецыяльную прэмію для архітэктараў, якія прапануюць інавацыйныя і экалагічныя рашэнні праектаў.
Тэхналогіі дапоўненай рэальнасці ад кампаніі Feeling Digital і архітэктараў студыі Level 80, якія стварылі VR-праект, "ажывілі" лятаючы "горад будучыні" Хідэкеля.
Ілля Чашнік – савецкі мастак і дызайнер. Адзін з двух (з Мікалаем Суеціным) бліжэйшых вучняў Малевіча.
У 1919 годзе Ілля Чашнік працаваў у Віцебску ў майстэрні графікі, друку і архітэктуры пад кіраўніцтвам Лісіцкага.
Ілля Чашнік прытрымліваўся прынцыпаў супрэматычнага колерапісу, выкарыстоўваючы белы, чорны, чырвоны і блакітны колеры.
У 1923 годзе Ілля Чашнік стварыў карціну "Супрэматызм", якая апярэдзіла касмічную эру чалавецтва. На карціне белы крыж узлятае, нібы ракета адпраўляецца ў космас.
Абсалютным рэкордам кошту работ Іллі Чашніка на дадзены момант з'яўляецца карціна «Сёмае вымярэнне. Супрэматычны рэльеф», напісаная ў 1920 годзе. 30 лістапада 2016 года яна была прададзена за £2,4 млн ($3 млн).
Мікалай Суецін – савецкі мастак, майстар дызайну, графікі і жывапісу. У 1918 – 1922 гадах Суецін вучыўся ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы ў Казіміра Малевіча. У 1920 годзе ўвайшоў у склад УНОВІС.
Давід Якерсон – савецкі скульптар, графік, афарміцель. Большасць супрэматычных работ Якерсона датавана менавіта 1920 годам. Многія з іх экспанаваліся на выставах УНОВІСа 1920 года ў Віцебску і Маскве.
6 лютага 2020 года ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адкрылася выстава Давіда Якерсона. На выставе былі прадстаўлены работы з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, падораныя музею напрыканцы 1980-х гадоў удавой скульптара Аленай Кабішчар-Якерсон.
Упершыню за мінулае стагоддзе працы Давіда Якерсана дэманстраваліся ў будынку, дзе працавала Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.
У экспазіцыю Якерсона ўвайшлі малюнкі, эскізы афармлення Віцебска да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, выкананыя на замову Шагала: "Пано з фігурай рабочага", шэраг супрэматычных кампазіцый і іншая графіка.
Леў Юдзін – савецкі мастак-жывапісец, графік. Яго дзённікі 1921 – 1938 гадоў з'яўляюцца адной з важных крыніц для разумення педагогікі Малевіча, яго асобы, адносін з вучнямі, а таксама эвалюцыі беспрадметнага мастацтва 1920 – 1930-х гадоў.
Ніна Каган – расійская і савецкая мастачка. У сакавіку 1919 года па прызначэнні аддзела ІЗА народнага камісарыята асветы (Наркамасветы) Ніна Каган прыехала ў Віцебск. Яна выкладала ў Народнай мастацкай школе, потым у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце курс прапедэўтыкі.
6 лютага 1920 года Ніна Каган паставіла першы ў свеце "Супрэматычны балет".
Работы канца 1920-х – пачатку 1930-х Ніны Каган створаны ў рэалістычнай манеры.
Яўгенія Магарыл – савецкая мастачка, жывапісец і графік, родам з Віцебска. Вучылася ў Віцебскім мастацкім вучылішчы ў Марка Шагала і Казіміра Малевіча.
У 1922 годзе Казімір Малевіч з'ехаў у Петраград.
За Казімірам Малевічам рушылі ўслед яго вучні, каб працягваць працаваць разам з ім. Ядро віцебскага УНАВІСа перамясцілася ў Петраград.
Ідэя стварэння музея Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ўзнікла ў 80-х гадах XX стагоддзя.
У 1992 годзе на сцяне дома на рагу вуліц Марка Шагала і Леніна сябры віцебскага творчага аб'яднання "Квадрат" правялі акцыю "Сцяна Малевіча" і распісалі будынак па яго эскізе "Смерць шпалерам". Эскіз быў створаны мастаком у Віцебску, захоўваецца ў Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу.
18 студзеня 2013 года былі пачаты работы па рэканструкцыі будынка на вуліцы Праўды, 5а.
Праектам рэканструкцыі займаліся УП "Інстытут Віцебскграмадзянпраект" і ААТ "Віцебскгандальбуд".
Першых наведвальнікаў Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча прыняў у лютым 2018 года.
Галоўным артэфактам музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча з'яўляецца сам будынак.
Канцэпцыя, ідэі інтэр'ера музея распрацаваны супрацоўнікамі Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва на чале з дырэктарам Андрэем Духоўнікавым.
Дызайн-праект музея быў ажыццёўлены дызайнерскай групай на чале з Аляксандрам Вышкам.
Мультымедыйнае забеспячэнне музея створана фірмай "СамСістэм" (Мінск).
Зала УНОВИС у музеі спраектаваны студыяй Аляксандра Вышкі па эскізах 1920 года, з архіва Георгія Кастакіса, які знаходзіцца ў музеі сучаснага мастацтва ў Салоніках (Грэцыя).
У Музеі гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, у зале УНОВИС захоўваецца факсімільнае выданне альманаха "УНОВИС № 1" (№56), выдадзенае Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй.
Знакаміты палітычны плакат Эль Лісіцкага "Клінам чырвоным бі белых" выкарыстаны ў афармленні хола Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў выглядзе кампазіцыі з каляровага паліраванага граніту, выкананы на падлозе.
У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў зале, прысвечанай Марку Шагалу, знаходзіцца люстэрка з рэквізіту мастацкага фільма "Шагал-Малевіч", знятага расійскім рэжысёрам Аляксандрам Мітам у 2012 годзе ў Віцебску. Раней люстэрка належала аднаму з мастакоў фільма Аляксандру Вышку і было падорана музею.
Каб наведвальнікі адчувалі дух эпохі, у музеі захаваны гранітныя прыступкі, каваныя рашоткі лесвічных пралётаў.
Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні з'яўляецца філіялам Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва.
28 сакавіка 2016 года Віцебскі гарадскі савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб тым, каб адрэзак вуліцы паміж вуліцамі Калініна і Леніна, які да гэтага часу адносіўся да вуліцы Праўды, перайменаваць у гонар мастака Марка Шагала. Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча сёння размешчаны на вуліцы Марка Шагала.
У 2016 годзе да адкрыцця вуліцы Марка Шагала былі створаны графіці на жылых дамах. Былі выкарыстаны кампазіцыі Supremus 58 ("Жоўтае і чорнае"), Supremus 55 ("Кропля"), "Супрэматычны жывапіс. Аэраплан, які ляціць" і кампазіцыя "УНОВІС" – якая адлюстроўвае вокладку першага альманаха УНОВІСа.
У 2018 годзе рэжысёр Яўген Сяцько зняў дакументальны фільм "УНОВІС".
У 2019 годзе Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча быў уключаны ў намінацыю прэміі міжнароднага выдання The Art Newspaper Russia – першай з беларускіх устаноў культуры.
У 2019 годзе з дапамогай мінскай краўдфандынгавай платформы "Вулей" для музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча быў набыты арыгінальны асобнік кнігі Казіміра Малевіча «Бог не скінуты. Мастацтва, царква, фабрыка”, выдадзены ў 1922 годзе ў Віцебску.
У чэрвені 2020 года карціне "Чорны супрэматычны квадрат" споўнілася 105 гадоў. Гэта адна з самых вядомых і самых папулярных карцін у сусветным мастацтве.
14 лютага 2020 года ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбылася цырымонія спецыяльнага гашэння канверта, прысвечанага 100-годдзю УНОВІСа. Канверт распрацаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі сумесна з РУП "Белпошта" і выпушчаны тыражом 20 тысяч экзэмпляраў.
Падчас цырымоніі спецыяльнага гашэння канверта ганаровым гасцям, прадстаўнікам сем'яў Казіміра Малевіча і Лазара Лісіцкага, вядомым даследчыкам рускага авангарда былі ўручаны памятныя плакеткі "УНОВІС", зробленыя растоўскім ювелірам Паўлам Задарожным.
З 12 па 14 лютага 2020 года ў Віцебску і Мінску адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя #UNOVIS100, прысвечаная 100-годдзю УНОВІСа.
Выпуск часопіса "Мастацтва" за люты 2020 года прысвечаны творчасці УНОВІСа і яго гісторыі.
Знакаміты дызайнер шрыфтоў Дзяніс Машараў стварыў шрыфт "УНОВІС100".
У лістападзе 2020 года ў Нью-Ёрку прэзентавалі кнігу "Нас зразумеюць праз 100 гад. Лазар Хідэкель" на рускай і англійскай мовах.
У 2020 годзе ў выдавецтве "Беларусь" выйшла кніга доктара мастацтвазнаўства Т. Катовіч "Уновіс. Сцвярджальнікі новага мастацтва".
Праект #UNOVIS100 быў рэалізаваны Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, кампаніяй А1 і Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны.
15 снежня 2020 года Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь былі ўведзены ў абарот медна-нікелевыя, наміналам 1 рубель, і сярэбраныя, наміналам 20 рублёў, памятныя манеты "Выяўленчае мастацтва. Авангард. УНОВІС".