6 сакавіка 2025 года ў 17.00 у выставачнай зале Музея сучаснага мастацтва – філіял установы культуры “Музей Марка Шагала ў Віцебску” (вул. Генерала Белабародава, 5) адбудзецца урачыстае адкрыццё юбілейнай выставы жывапісу Міхася Ляўковіча «Маё адчуванне прасторы».
У экспазіцыі прадстаўлены творы, якія напісаны ў апошнія пяць гадоў. Вядомы мастак-аквалерыст, выкладчык рэалістычнага жывапісу, сёння алеем піша абстракцыі.
Міхась Ляўковіч нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Язна Міёрскага раёна. Адчуць сябе мастаком дапамагла служба ў войску, дзе ён два гады навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва. Пасля вяртання да дому, працаваў афарміцелем на наваполацкім заводзе «Палімір». У 1976 годзе М. Ляўковіч скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава, і з гэтага моманту ўсё яго жыццё звязана з Віцебскам. Застаўшыся выкладчыкам пасля заканчэння вучобы, Міхаіл Васільевіч, як і яго студэнты, таксама вучыўся і ўдасканальваўся. Яго педагогамі былі вядомыя мастакі Леанід Анцімонаў і Алег Арлоў. Значны ўплыў на станаўленне мастака аказала творчасць народнага мастака РСФСР Канстанціна Максімава. Быў кіраўніком аб’яднання «Віцебская акварэль» з 1995 па 2011 год, неаднаразова абіраўся членам праўлення абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Яго творы захоўваюцца ў музеях Беларусі і за мяжой, у прыватных зборах краін блізкага і далёкага замежжа.
Міхась Ляўковіч, як мастак нашага часу – часу постмадэрнізму – імкнецца спалучыць фігуратыўныя і абстрактныя формы мастацтва. Яго жывапісныя творы напоўнены яркімі эмоцыямі і шматлікімі колера-формамі. У лірычных кампазіцыях відавочны жанравыя прыкметы нацюрмортаў, пейзажаў, партрэтаў. Іх адметнасць у плённым спажыванні экспрэсіўнай абстракцыі. На шматгранных па сэнсу палотнах паўсюль відавочна паэтыка рамантызму і ўлюбённасць мастака ў родны край, яго дзівосныя таямніцы і глыбокае раскрыццё характараў тутэйшага люду.
Вострае вока можа ўбачыць праз лёгкую трактоўку абстракцыянізму, які ўпэнена ўклініўся і заснаваўся ў аўтарскай прасторы мастака XXI-га стагоддзя, захаваўшуюся глыбіню рэалістычнай манеры алейныга жывапісу з мінулага XX-га. Гэтае спалучэнне робіць працы мастака выразнымі, арыгінальнымі і прыцягальнымі, дазваляе бачыць магію аўтарского сінтэзу розных мастацкіх стыляў.

Выстава будзе працаваць да 20 красавіка 2025 г.

Адчуванне прасторы Міхася Ляўковіча

Русский